Прапаную да чытання! Спіс твораў для пазакласнага чытання "У свеце беларускіх баек"

Дата: 17 февраля 2025 в 17:37
Автор: Труш О. Г.
6 823 просмотра

Нам кніга — вечнае святло,
Крыніца ведаў, цуд бясконцы!
І параўнацца з ёй магло б
Відаць, у свеце толькі сонца.

О, я ніколькі не хлушу,
З яе ствараючы куміра, —
Нішто не жывіць так душу,
Не ўзбагачае гэтак шчыра.

Яе вялікасць, заўсягды
Яна — дарадца, сябар чуйны.
Дасць нам глыток жывой вады,
Кране святыя ў сэрцы струны.

Адкрые безліч таямніц,
Дасць у палёт жывыя крылы,
Навучыць радасна любіць
Бацькоўскі край, адзіны, мілы...

І я жадаю ад душы:
Сябруйце ўдзячна з ёй, натхнёна.
Разумным, светлым, вечным жыць —
Што больш каштоўнае сягоння?

Агучваць чыстыя званы
Дабра, стваральнасці, сумлення,
Каб пабуджалі нас яны
Да працы, згоды, ачышчэння.

Адкрыццяў дзіўных, яркіх вам !
Хай будзе кожны крок ваш новы
Прыступкай сонечнай у храм
Пазнання, хараства, любові. ("Кніга" М.Пазнякоў)

Прыкладны спіс твораў:

1. Кандрат Крапiва. Байкi.

2. Якуб Колас «Конь і сабака».

3. Алесь Звонак «Гарбуз».

4. Уладзімір Корбан «Малпін жарт».

5. Міхась Скрыпка «Свіння і Баран».

Дзед і Баба
Байка

Ехаў Дзедка на кірмаш,
3 ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая — сем пудоў,
Сама меней, важыць.
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.
Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок.
Дык яна — за білы
Ды нагамі у перадок
Пхне, як мае сілы.
— Кінь, дурная, бо зганю! —
Дзед тут Бабе кажа. —
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.
— Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае. —
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.
Потым — гоп яна з калёс,
Селалядарогі,
Аканяякчортпанёс, —
Дзеўзялісяйногі!
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж "бабы":
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.
Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце: —
Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!
1925 г.   
(Кандрат Крапіва)

Дыпламаваны баран
Байка

Ў адным сяле (не важна — дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога —
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая,
А лоб дык вось наадварот —
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога,
І вось за дурасьць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк на смех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету:
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за "дыплом ",
Баран — ні "мя ", ні "бэ ",
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
— А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
І не раўняйся ты са мною.
Аб гэтым лепей памаўчы,
— Сказала яму Кошка.
— Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
——————————
Другі баран — ні "бэ ", ні "мя ",
А любіць гучнае імя.
1926 г.   
(Кандрат Крапіва)

КОНЬ І САБАКА

Свабодны конь гуляў на волі,
І хвост і грыву распусціў;
Іржаннем ён сваім будзіў
І лес стары, і чыста поле.

У бок прахожы стараніўся,
Яму дарогу уступаў.
Ад страху Рудзька прытуліўся
І толькі ціханька брахаў.
Каня злавілі, прывязалі,
На вобраць беднага ўзялі,
Аборкай ногі абвілі,
І борзды бег яго стрымалі.
І з-за вугла вылазіць Рудзька:
— Гаў-гаў! Гаў-гаў! — давай брахаць.
За хвост каня кусае цюцька, —
Ні адцягнуць, ні адагнаць!
Малыя дзеці тут гулялі,
Дзівілісь многа і казалі
(Па дурнаце не разабралі —
Дзіця малое, як ягня):
— А Рудзька дужшы за каня!   
(Якуб Колас)

Гарбуз

Здараецца ж такое: на гародзе

Пад сонцам вырас велікан-гарбуз!

Прыгожы, круглы, важкі — дзіва й годзе! —

Нібыта не гарбуз, а важны туз!

Глядзеў звысоку ён пры ўсім народзе

На землякоў, нібы на чарвякоў:

— Вы — драбяза, ды пры такой пародзе

Вас не адрозніш нават ад гуркоў!

Так выхваляўся ён, так надзімаўся —

Чуваць было, бадай, за тры вярсты!

Ды вось бяда — нябога не ўтрымаўся

I лопнуў, нібы выстрал халасты.

Мараль санета: калі ты зазнаўся —

То сам, як той гарбуз, нутром пусты!      (Алесь Звонак)

Малпін жарт

Пасля начной адказнае работы
Трэзор і Мурза спалі каля плота.
Тым часам Малпа не драмала,
Убачыўшы сабак, цішком
Падкралася да іх і матузком
        Хвасты звязала.
Сама ж схавалася за вугал і глядзіць,
Каменьчыкамі кідзь ды кідзь,—
        Стараецца іх пабудзіць.
Што тут было, калі прачнуліся абое! —
Трэзора Мурза рве, а Мурзу рве Трэзор!
Умомант гырканне ўзнялі такое,—
        Ажно гудзе ўвесь двор.
А Малпа ледзьве не кладзецца,—
I скача, і крыўляецца, й смяецца,
        Сабачы бой
Так па душы прыйшоўся ёй.
Нарэшце развязаліся хвасты,
Сабакі сціхлі, раны залізалі,
        Агледзеліся і затым
На Малпу, скеміўшы, напалі,
Што з той ажно пасыпалася поўсць.
 
I між людзьмі такія ёсць:
Звядуць дваіх, наладзяць склоку,
        А потым збоку
На цяганіну пазіраюць
        I рукі паціраюць.   
(Уладзімір Корбан)

Свіння і Баран

Свіння, задраўшы лыч угору,
Да Барана зайшла ў кантору.
Зарохкала: «Пасаду мне, пасаду...»
Куды б вы думалі? —
У грады!
Баран, абклаўшыся паперамі па вушы,
Убачыў у свінні не лыч, а капялюш.
Ён нават капытом не рушыў,
Спакойна бэкнуў ёй: «Бяру,
Таварыш Хру...»
Праз нейкі час,
Залезшы ў агарод,
Свіння пусціла лыч у ход,
Спаласавала ўсё ушчэнт.
Пасля яшчэ,
Зрабіўшы разварот,
Перакуліла плот...
Калі прынеслі акт аб шкодзе
У агародзе
Барану,
Той прачытаў і вокам не міргнуў,
Прамармытаў: «Н-ну-н-ну...
Дык як жа так? Чаму ж?
А капялюш?..»Як ты свінню не апранай
I як не кліч —
Заўсёды памятай
Пра лыч.     
(Міхась Скрыпка)

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.