Прапаную да чытання! Спіс твораў для пазакласнага чытання "Мы ўсе старацца будзем дзеля карысці людзям"

Дата: 16 марта 2025 в 19:54, Обновлено 17 марта 2025 в 20:42
Автор: Труш О. Г.
484 просмотра

Нам кніга — вечнае святло,
Крыніца ведаў, цуд бясконцы!
І параўнацца з ёй магло б
Відаць, у свеце толькі сонца.

О, я ніколькі не хлушу,
З яе ствараючы куміра, —
Нішто не жывіць так душу,
Не ўзбагачае гэтак шчыра.

Яе вялікасць, заўсягды
Яна — дарадца, сябар чуйны.
Дасць нам глыток жывой вады,
Кране святыя ў сэрцы струны.

Адкрые безліч таямніц,
Дасць у палёт жывыя крылы,
Навучыць радасна любіць
Бацькоўскі край, адзіны, мілы...

І я жадаю ад душы:
Сябруйце ўдзячна з ёй, натхнёна.
Разумным, светлым, вечным жыць —
Што больш каштоўнае сягоння?

Агучваць чыстыя званы
Дабра, стваральнасці, сумлення,
Каб пабуджалі нас яны
Да працы, згоды, ачышчэння.

Адкрыццяў дзіўных, яркіх вам !
Хай будзе кожны крок ваш новы
Прыступкай сонечнай у храм
Пазнання, хараства, любові. ("Кніга" М.Пазнякоў)

                                      Прыкладны спіс твораў:

Лёля Багдановіч. «Праспалі свята».

Алесь Бадак. «Воўк і навука».

Анатоль Бутэвіч. «Бунт у каралеўстве Віндаўса Вялікага».

Сяргей Давідовіч. «Кемлівы Заяц!».

Анатоль Зэкаў. «Чатыры зярняткі».

Кастусь Ладуцька. «З Брэсцкай Тамашоўкі».

Легенды. «Золата ў прыполе», «Ліхая доля».

Павел Місько. «Добры чалавек»

Ганна Скаржынская-Савіцкая. «Прывід», «Перахітрыў».

Максім Танк. «Падарожжа мураша Бадзіні».

Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «Велапрабег з прыгодамі», «Ліст да Дзеда Мароза», «Чароўная ракавіна», «Вухуцік».

Мікола Чарняўскі. «Урок ветлівасці».

Іван Шуцько. «Труцень і пчолкі».

                                            Праспалі свята

Прынеслі ёлку ў хату,

Паставілі ў кут.

І мы чакалі з братам –

Калі ж наступіць цуд?

Павесілі ўсе цацкі,

Гірлянды і шары.

Да свята дачакацца

Ніяк мы не маглі.

Змарыліся, здаецца,

Паснулі ўдваіх.

Апоўначы нарэшце

Настаў жаданы міг.

Зірнулі мы пад лапкі

Зялёнай чараўніцы,

Запляскалі ў ладкі:

Не мог той цуд не збыцца!

Смяюцца мама з татам:

– Прыходзіў Дзед Мароз.

А мы праспалі свята.

Цяпер шкада да слёз...

*****************************************************************

Воўк і навука

Не даецца навука

Ваўку!

Вунь сядзіць ён адзін

На пяньку,

Уздыхае

I ледзьве не плача:

Не рашаецца зноўку

Задача!

А навокал у лесе

Так хораша!

А вучыцца пад лета

Не хочацца!

І даўно ўжо

На шумнай палянцы

Мяч ганяюць

Вясёлыя зайцы.

Пазяхае над кніжкаю Воўк,

Уздыхае над кніжкаю Воўк:

– Ох, і цяжкія сёння

Урокі!

Мо пайсці папрасіць мне

Сароку,

Каб задачу рашыць

Памагла?

А то можа пайсці

Да Лісіцы?

Ці мо з Зайцамі мне

Памірыцца?

Ды гняздо

У Сарокі –

Высока,

А лісіная хатка –

Далёка.

А мірыцца з касымі –

О гора! –

Замінаюць

І голад,

I гонар!

I сядзіць Воўк адзін

На пяньку.

Не даецца навука

Ваўку!

******************************************************************

Добры чалавек

  Шмат у лесе дзічак – і груш, і яблынь. Ідзеш-ідзеш, і раптам стомленае вока як не ўзрадуецца. Без усякай маскіроўкі, не трэба і прыглядвацца, ляжаць пад дрэвам яблыкі…  Сустракаю  ў лесе знаёмую бабу Веру. Нагрузілася, як мурашка: у адной руце кіёк і торбачка, а ш другой – перагароджаная папараццю на дзве палавіны лубянка. У адной палавіне грыбы, у другой – грушы і яблыкі. На спіне напакавала нечым заплечны мяшок. Не бабуля – турыстка!

  • - А-а, і ты тут, - узрадавалася яна, ўбачыўшы мяне. – Не трэба з лесу ісці з пустымі рукамі. От я і нясу ўсяго… Давай пройдзем крыху ды сядзем, адпачнем. Ідзем, гамонім. Бабуля азіраецца кругом, нешта ўсё выглядае. 
  • - Ну, вось тут і прысядзем, - гаворыць яна і апускаецца на траву.
  • - На, пакаштуй… Не махай рукамі, не аднеквайся: ты такія не еў… - і падае яна мне дзве грушы. Смакую. І праўда, адна лепшая за другую. І сок смачны, і каменьчыкаў амаль няма.
  • - А паляжыш – за за вушы не адцягнеш. Ого – грушка-гнілушка, ды яшчэ лясная… Унукі мае прыгаршчамі іх цярэбяць. Іх і сушыць можна. А які кампот смачны з яблык-дзічак! І павідла з іх, і варэнне можна рабіць. Ну, а цяпер пакаштуй во гэту…  Трэцяя груша  была як садовая.  Мо бэра, мо вішнёўка.
  • - А цяпер во гэта яблычак… - падала мне бабуля вялікі, з курынае яйка, яблык.
  • - Штрыфель?! – пазнаў я па смаку. – Але пахне незвычайна, як мёдам. На дзічку і не падобны.
  • - А гэта і не дзічка. Быў такі чалавек у нашым сяле – Захарка. Капаў у лесе дзічкі, у сады пераносіў, прышчэпліваў. Вельмі смачныя яблыкі, калі прышчэпліваць да лясных. А потым стаў па лесе хадзіць, дзе маладзенькую грушу ці яблыньку сустрэне – зрэжа, прышчэптць. Дзе старэйшую – то галінку ці дзве прышчэпіць. Знойдзеш цяпер такое дрэўца – як падарунак да свята.
  • - Помнік чалавек сабе зрабіў… кажу я.
  • – Але каторы год, як яго няма, а людзі ўсё дзякуюць чалавеку. Дабро – яно жывучае. А цяпер паглядзі назад!

Я азірнуўся. На паляну схілілася Захаркава яблыня.  Дзве галіны на ёй былі незвычайныя – на адной яблыкі былі белыя, як папера, на другой – жоўта-аранжавыя, сплюшчаныя, як рэпкі. Мы падышлі бліжэй.

  • - Як сонца… Налілася проста…Залаты ранет, - сказала бабка Вера.

Твар яе свяціўся, нібы не Захарка, яа яна ствырыла гэты цуд.

******************************************************************

Падарожжа мураша Бадзіні

Прыгнаў аднойчы вецер Газэту,

што згубілі ля пералеску дзеці, калі ў грыбы хадзілі.

  Знайшоў яе пад елкай неспадзявана вожык.

Адна бяда: газэты сам прачытаць не можа.  

Паклікаў ён лісіцу з мядзведзем-дабрадзеем,

ды і яны не вельмі ў чытанні разумеюць.  

Звярнуліся да бусла, што гнездаваў на школе,

які, чуваць, кумекаў у грамаце найболей.  

I той праклекатаў ім, што з Байканура

скора ў ракеце касманаўты адправяцца да зораў.   

I вось па цёмнай пушчы, па пералесках хутка

пайшла, загаманіла пра гэта дзіва чутка.  

Шмат хто ў яе не верыў, але было нямала той раці,

што да зораў ляцець паспрабавала б.

  Сярод яе – хто б думаў! – Быў і Мураш-Бадзіня,

які любіў залазіць у неба па хваіне.  

I з вышыні паднебнай глядзець на сонца, зоры

ды марыць пра вандроўку ў захмарныя прасторы.

  I хоць ніхто не раіў з дарадцаў мураўіных

рызыкаваць дарэмна, за свет ляціць Бадзіні – 

 ён не паслухаў рады  праз лясы, разлогі, узяўшы кій ды компас, падаўся без дарогі,   блукаў – ішоў ён доўга

па нетрах невядомых, пакуль не апынуўся каля аэрадрома.
 Ды тут ён схамянуўся:

– А як ляцець адгэтуль,

калі няма ў Бадзіні ніякага білета?  

Аж чуе, каля касы гавораць пасажыры:

– Лячу ў Арджанікідзе.

– А я –ў тайгу Сібіры...

  – А я – да Байканура, там – мой сыночак мілы...

I тут ідэя раптам Бадзіню асяніла:  

А што, калі забрацца у кошык да бабулі?

I вось ужо сядзіць ён, схаваўшыся пад дуляй, 

 сярод гасцінцаў розных, што везла маці сыну.

– Хаця б хто не заўважыў, – хвалюецца Бадзіня.  

Але прайшла пасадка, і адлягло на сэрцы.

I самалёт узняўся, як легкакрылы вецер.  

Хацеў зірнуць Бадзіня, ці карабель харошы,

ды ўбачыў сцюардэсу і зноў схаваўся ў кошык.  

А там і не заўважыў, як ахінула стома.

I ён заснуў нібыта ў роднай пушчы дома.  

Ці доўга спаў, ці мала – таго і сам не знае.

Прачнуўся толькі, помніць, за новым небакраем,   

калі матораў змоўкла грымець грымуча рэха,

калі да самалёта высокі трап пад’ехаў.  

Гурбою пасажыры пайшлі ў вясёлым гуле,

за імі падалася з гасцінцамі бабуля

   і трапіла адразу ў абдымкі свайго сына:

– Ну, як здарова, мама? Ідзём хутчэй ў машыну!  

– Вось бачыш, сынку, жыва, хаця і пастарэла...

– Як добра, што ты ў госці нарэшце прыляцела...

  Пакуль ішла гамонка, наш Муравей-Бадзіня

паспеў прыхарашыцца прад тым, як кош пакіне.

  Ён выйшаў і падаўся туды, дзе ззяла сонца

і нейкі слуп вялізны гарэў на гарызонце.  

Такое ўпершыню ён убачыў. Няўжо гэта,

здзівіўшыся, падумаў, касмічная ракета?  

I ўпершыню страх нейкі ў сабе адчуў Бадзіня:

малюсенькі які ён прад гэткаю махінай!  

Мо лепш сядзеў бы дома, а то аж неяк млосна ад думкі,

што сабраўся ляцець у сцюжны космас.  

Але ж і адступаць як, калі ўсе ў родным краі

пра гэта падарожжа на кожнай сцежцы знаюць.  

Ды і карціць самому пабачыць дзівы свету...

Памалу абышоў ён касмічную ракету,   

якую да палёту, знаць, людзі рыхтавалі

і правяралі ўважна ўсе часткі і дэталі.  

Таму можа не звярнулі і ўвагі на Бадзіню.

А той, па кранах, скрытна, дабраўся да кабіны.

  Нырнуў у глыб ракеты, дзе між дратоў, утулак,

дзівосных апаратаў знайшоў сабе прытулак.  

Прылёг. Але не спіцца яму ад хвалявання.

Прыйшлі два касманаўты ў кабіну на світанні.  

Праверылі прыборы. – Гатова ўсё як трэба!..

I гул маланкагромны ўзняў ракету ў неба.  

I тут адчуў Бадзіня груз перагрузкі цяжкі,

а потым наступіла дзівосная бязважкасць.  

Каб не ўчапіўся добра за нейкую там скрыню,

напэўна, стаў бы плаваць ці лётаць па кабіне.  

Праз нейкі час ён звыкся. Гучалі тэлехвалі.

Ён чуў, як касманаўты з Зямлі рапартавалі, 

 што ў іх усё ў парадку, да працы прыступілі,

прывет касмічна-зорны ўсім перадаць прасілі.  

Калі ж іх сном глыбокім, стомленых, агарнула,

Бадзіня асцярожна пакінуў свой прытулак.

  Знайшоў запасы ежы, падсілкаваўся, потым

праз люк палюбаваўся нябёсаў пазалотай.

  А ў тэлескоп як глянуў ён на зямлі прасторы,

убачыў акіяны, даліны, рэкі, горы,   

знаёмыя мясціны – баравіковы ельнік,

сярод густой ажыны свой родны муравейнік.  

Ад радасці, здзіўлення пра ўсё забыў Бадзіня.

– Глядзіце, як лячу я!

– Гукнуў ён у кабіне,   нібыта яго голас

мог даляцець да дому, да нарачанскіх нетраў,

да блізкіх і знаёмых.  

Ён толькі касманаўтаў збудзіў, якія, дужа

здзівіўшыся, спыталі: – Адкуль ты ўзяўся, дружа?  

Ды ты ўжо не хавайся. Цяпер нас будзе трое.

Работу падшукаем і для цябе, героя.  

Пра тое, што ты з намі, у рапарце адзначым.

Нават можаш інтэрв’ю даць па тэлеперадачы...  

Цяпер, як паўнапраўны ўжо касманаўт, Бадзіня

даследаваў з усімі падзорныя глыбіні.  

Шырот паўночных ззянне, камет агністых грывы,

дзівосных, серабрыстых аблокаў пералівы.  

Нагледзеўся ён столькі ў палёце дзіўным гэтым,

што нават сябрам не змог бы ўсё расказаць за лета.  

Таму, калі палёт іх праграмны завяршыўся,

I карабель касмічны дзе трэба прызямліўся, 

 і касманаўтаў гучна віталі ўсе,

– Бадзіня кабіну непрыкметна ў той мітусні пакінуў.  

Калі ж яго адсутнасць заўважылі, далёка

ўжо ішоў ён стэпам квітнеючым, шырокім.  

Ішоў і ехаў доўга ў дажджы і сухавеі...

Ды хто ўсю прыгадае Бадзіні Адысею!  

Адно,калі вярнуўся ў свой стажок жывічны,

усе жыхары лясныя яго сустрэлі зычна, 

 сустрэлі як гэроя. I расказаў усім ён

пра ўсе свае прыгоды ў падарожжы дзіўным.

  I сёння, калі часам заглыбіцеся ў нетры,

дзе векавыя хвоі шумяць пад веснім ветрам, 

 дзе Нарач хвалі сініць і звон стаіць птушыны,

пачуеце вы гэту пра мураша быліну.

******************************************************************

Вухуцік

Маленькая дзяўчынка Уладзіслава вельмі любіць маляваць. Яна яшчэ і ў школу не хадзіла, а маляваць ужо навучылася. У яе неяк само сабой гэта атрымлівалася. Улада проста сядала за стол, адкрывала альбом і малявала. З-пад яе пэндзліка выходзілі прыгожыя кветачкі, матылькі, птушкі, звяры… Адным словам, усё тое, што ёй прыдумвалася.

Неяк раз Улада гуляла з лялькамі і раптам адчула, што ёй вельмі захацелася маляваць. Ёй нават здавалася, што альбом і алоўкі проста клічуць яе! Дзяўчынка паклала лялькі ў кораб з цацкамі і села за любімую справу, але што намаляваць не прыдумала. Кветак у яе было намалявана ўсялякіх, матылькоў разнастайных, птушак і звяроў якіх хочаш… Уздыхнула Улада, сумна ёй стала. Першы раз не магла прыдумаць, што намаляваць! Дзяўчынка разглядала бялюткі аркуш паперы і адчувала, што слёзы пачынаюць пячы павекі. Яны ўжо нават набеглі на вочы і белы аркуш паперы задрыжэў. Улада кулачкамі выцерла вочкі. Аркуш больш не дрыжаў, толькі ў цэнтры яго мігцела кропка. Дзяўчынка яшчэ раз працерла вочкі, але кропка не знікла, яна па-ранейшаму то з’яўлялася, то прападала.

— Чаго ты мітусішся? – Спыталася ў кропкі Улада.

Дзяўчынка хацела дакрануцца да кропачкі алоўкам, каб яна перастала мігцець. Але як толькі Улада паставіла на яе дзюбку алоўка, кропка адскочыла крыху ўбок. Нібыта сам сабою, аловак пабег даганяць кропчаку пакідаючы за сабой след, а кропка спрытна ўцякала, быццам, прыняла гульню. І Уладзе спадабаліся гэтыя даганялкі. Яе рука вадзіла алоўкам па паперы, старалася злавіць кропачку. Лінія вымалёўвалася мудрагелістая, бегла то ўверх, то ўніз, то круцілася. Нарэшце кропачка вярнулася ў цэнрт ліста, туды, адкуль пачала свой забег. Аловак дагнаў яе і спыніўся, гульня скончылася, кропачка знікла.

Улада сумна ўздыхнула, ёй хацелася б яшчэ пагуляць з мітуслівай кропкай. Дзяўчынка кінула позірк на пакрэмзаны аркуш паперы і здзіўлена акругліла вочкі. Аловак, які бегаў за кропкай, намаляваў нейкую істоту! Выява атрымалася вельмі незвычайнай, але сімпатычнай. Сілуэт нагадваў тоўсценькі агурок, дзве рукі, дзве нагі. На галаве зверху нешта падобнае на невялікі шарык. Тварык прывабны, нават пацешны: авальныя вочы, прыпаднятыя бровы надаюць яму мілы, крыху здзіўлены выгляд. Рот таксама нагадваў авальчык, а самым дзіўным быў нос, які меў форму дудачкі.

— Які цудоўны малюнак! – Узрадвалася Улада. – Хто ж гэта ў мяне атрымаўся?

Дзяўчынка ўзяла аркуш паперы ў рукі, каб лепш разгледзець намаляваную істоту. Раптам папера задрыжала, а выява… аддзялілася, набыла аб’ём і саскочыла прама на стол. Стаіўшы дыханне, Улада назірала за тым, што адбывалася. Істота варухнулася, паглядзела дзяўчынцы ў вочы, а потым гучна і выразна сказала:

— Ву-ху!

Улада прыняла гэта за вітанне і таксама адказала:

— Ву-ху!

Істота прыязна ўсміхнулася, пайшла ўздоўж стала і пачала размаўляць на незразумелай мове.

— Гу! Бінутуту нана. За. Лукалулу дада. Ма! Футашаша пупу. Са…

— Прабачце, але я зусім не разумею, што вы гаворыце. – Сумна ўздыхнула Улада.

Істота спынілася, задумліва паглядзела на дзяўчынку і паўтарыла яе словы:

— Прабачце, але я зусім не разумею, што вы гаворыце…

Праз імгненне маленькі незнаёмец дадаў:

— Мова беларуская. Пераходжу на тваю родную мову. Будзем размаўляць.

— З вялікім задавальненнем! – Узрадавалася дзяўчынка. – А ты хто?

— Я твой новы сябар з далёкага космасу.

— Нішто сабе! – Здзівілася Улада. – А як цябе завуць?

Істота вымавіла такі дзіўны гук, які дзяўчынка і паўтарыць не змагла, бо ён сказаў гэта праз свой незвычайны нос-дудачку. Заўважыўшы, што Улада разгубілася, ён прапанаваў:

— Ты можаш называць мяне любым імем, якое прыдумаеш, я разумею, што маё сапраўднае імя для цябе такі гук, які ты паўтарыць не зможаш.

Дзяўчынка ўзгадала, слова, якое першае пачула ад госця з далёкага космасу: “ву-ху!”

— Я буду зваць цябе Вухуцік! – Прыдумала яна.

— Цудоўна! На маёй мове “ву-ху” азначае “Прывітанне”!

—  А мяне завуць Улада. – Прадставілася дзяўчынка. – Я жыву на цудоўнай планеце Зямля і вельмі люблю маляваць.

— Тое, што ты любіш маляваць — сёння выратавала мне жыццё. – Усхвалявана сказаў Вухуцік. – Я быў на дні нараджэння ў свайго сябра, які жыве ў другой частцы галактыкі. А калі вяртаўся на сваю планету, то трапіў у сапраўдную непагадзь. Узняўся моцны касмічны вецер, пайшоў метэорны дождж… Мой маленькі касмічны карабель трапіў у эпіцэнтр буры! Абломкі касмічнага смецця, якія ўзняў вецер, так моцна білі па маім карабліку, што ён ледзь не разваліўся на кавалкі. Мне стала страшна… Я ўявіў, як будзе плакаць мая мама, як будзе перажываць тата, калі са мной нешта здарыцца. А тым часам мой касмічны карабель проста гнала ветрам, круціла і шпурляла так, што мяне прыціснула да крэсла і немагчыма было паварушыцца. Наперадзе я ўбачыў страшную варонку – жарало чорнай дзіркі. Мяне несла прама туды! У той момант я падумаў, што больш ніколі не вярнуся дадому, не пабачу бацькоў. Сам не ведаю, як мне ўдалося дацягнуцца да кнопкі SOS і націснуць яе. Менавіта ты, Улада, убачыла мой сігнал, гэта ён замігцеў кропачкай на тваім аркушы паперы. Ты паставіла на яе аловак, значыць, пачула мяне. Тады мне заставалася толькі тэлепартавацца. Твой аловак спрытна забегаў па паперы і намаляваў мяне. Дзякуючы гэтаму я жывы і здаровы зараз расказваю табе ўсё гэта.

—  Вось дык справы! – Прашаптала дзяўчынка. – Мне здаецца я сплю і ўсё гэта мне сніцца. Хіба можа быць такое ў рэальнасці?

—  Можа! – Адказаў Вухуцік. – І я вельмі рады пабываць у гасцях на Зямлі. Мяркую, у вас тут шмат цікавага.

Улада з радасцю прыняла госця з космасу і за тыя некалькі дзён, якія ён правёў на Зямлі, імкнулася паказаць яму наша жыццё.

Вухуцік пасяліўся ў шуфлядзе пісьмовага стала. Улада паставіла там для яго лялечны ложак, на якім госцю, па яго словах, вельмі салодка спалася. Кожную раніцу ён вылазіў з шуфляды і вітаўся з дзяўчынкай:

—  Ву-ху!

—  Ву-ху! – Адказвала Улада.

Яны разам снедалі. Вухуцік пакаштаваў маннай ды аўсянай кашы, з задавальненнем піў кісель, кампот і гарбату і вельмі палюбіў дранікі са смятанкаю.

Хаваючыся ў партфелі, разам з Уладай ён некалькі разоў наведаў школу, паглядзеў як цікава на ўроках і весела на перапынках. Паназіраў, як гулялі ў футбол хлопчыкі.

—  Якая цудоўная гульня! – Дзяліўся ён уражаннямі са сваёй сяброўкай. – Абавязкова навучу гуляць у яе нашых хлопчыкаў.

Улада падарыла Вухуціку маленькі сувенірны футбольны мяч, якому ён вельмі ўзрадваўся.

Касмічны госць пабываў у музычнай школе на канцэрце і пачуў цудоўную музыку, якая не пакінула яго раўнадушным. Асабліва спадабалася яму “Купалінка” у выкананні яго сяброўкі Улады, якую яна цудоўна сыграла на цымбалах.

—  Я запісаў гэты канцэрт. – Сказаў Вухуцік дзяўчынцы. – Калі вярнуся дадому дам паслухаць яго ўсім-усім. А “Купалінку” абавязкова навучуся іграць. Для гэтага добра падойдзе мой нос-дудачка.

Улада пакатала Вухуціка на ровары. Гэты від транспарта быў незнаёмы для яго, але спадабаўся малечы.

— А ў нас увесь транспарт толькі лятаць умее! – З сумам адзначыў Вухуцік. – А я б таксама хацеў педалі пакруціць.

— А мне б хацелася мець касмічны карабель. – Марыла Улада. – Ну хоць самы маленькі! Я б на ім да зорак лятала, а можа і ў школу б таксама…

Звазіла Улада касмічнага жыхара на рэчку. Плаваць Вухуцік навучыўся адразу, як толькі ў ваду зайшоў. Вельмі спадабалася яму ныраць. Як нырнуў ён першы раз, то і прапаў, чым невымоўна напалохаў ён сваю сяброўку Уладу. Дзяўчынка кінулася ў ваду, шукала яго навобмацак, колькі даставала. А сэрцайка ад трывогі хутка-хутка забілася шчочкі расчырванеліся, яна ўжо і плакаць пачала. Вынырнуў Вухуцік побач з ёй.

— Як ты мяне напалохаў! – Лямантавала Улада. – Я думала, ты ўтапіўся!

— Што ты, я проста паглядзеў што там пад вадой робіцца і назад вярнуўся. Прабач, што вымусіў цябе хвалявацца.

— І што ты там рабіў так доўга? – Крыху супакоілася дзяўчынка.

— Прагульваўся. З рыбай пагаварыў.

— З рыбай? Пагаварыў? – Перапытала Улада. – І што яна табе расказала?

— Што завуць яе Плотачка, што такога цікавага экземпляра як я, яна ніколі не сустракала. Запрашала заўтра з раніцы сюды прыходзіць, казала, што на досвітку тут чарвячкамі частуюць.

— Ага, рыбакі, якія такую вось дурненькую рыбку ловяць, на патэльні смажаць і ядуць! – Адказала Улада.

Вухуцік хваляваўся за неразумную Плотачку, таму зноў вярнуўся ў рэчку, знайшоў яе і папярэдзіў, каб яна чарвячкоў не глытала.

Кожны вечар Улада і Вухуцік выходзілі на балкон. Яны доўга сядзелі і глядзелі ў начное неба. Шарык на галаве Вухуціка пачынаў мігцець мяккім жоўтым святлом.

— Гэта маленькі маячок. – Растлумачыў госць з далёкай планеты. – У цемры мяне можна заўважыць, такімі вось светлавымі сігналамі я і іншыя насельнікі нашай планеты можам размаўляць. А яшчэ вельмі зручна асвятляць дарогу, як ліхтарыкам.

Уладзе вельмі падабаліся такія вечары, вельмі хораша было сядзець з сябрам на балконе і глядзець у зорнае неба. Вухуцік гадзінамі мог расказваць пра зоркі, пра планеты, пра космас.

А потым, калі вочкі пачыналі закрывацца, яны ішлі класціся спаць. Улада адчыняла шуфляду, Вухуцік уладкоўваўся на лялечным ложку і развітваўся:

— Камін-мака!

— Камін-мака! Дабранач! – Адказвала Улада.

Адной раніцай дзяўчынка па звычцы адчыніла шуфляду і сказала:

— Ву-ху!

Але лялечны ложак быў пусты. Улада спалохана падумала, што Вухуцік паляцеў дадому і не развітаўся з ёй.

— Ву-ху! – Пачула яна ў адказ і супакоена ўсміхнулася.

Вухуцік сядзеў на кніжнай паліцы.

— Я думала, што ты вярнуўся дадому, нават не развітаўшыся са мной! – Падзялілася дзяўчынка сваімі перажываннямі.

— Я б так не зрабіў. Але мне сапраўды пара вяртацца дадому. – Адказаў Вухуцік.

— Што ты! Пабудзь яшчэ! – Папрасіла Улада.

— Я б з радасцю. – Уздыхнуў сябра. – Але там мама з татам зачакаліся. Мабыць, хвалявацца пачалі.

Улада разумела, што нельга хваляваць бацькоў. Ціхім голасам яна запытала:

— Калі ты паляціш?

— Сёння.

— А на чым? – З таемнай надзеяй вымавіла дзяўчынка. – Твой касмічны карабель паглынула чорная дзірка. Яго больш няма…

— Буду прасіць цябе дапамагчы мне. – Адказаў Вухуцік. – Намалюй, калі ласка, для мяне новы касмічны карабель. На ім я і палячу дадому.

Уладзе вельмі не хацелася адпускаць сябра, але што ж тут зробіш — заўсёды настае момант, калі трэба вяртацца дадому. Яна ўзяла альбом, алоўкі і села за стол. Вухуцік уладкаваўся побач. Дзяўчынка старалася, яна малявала касмічны карабель, які панясе яе сябра між зорак далёка-далёка ў космас, на яго родную планету. Касмічны карабель атрымаўся цудоўны. Па форме авальны, з мноствам ілюмінатараў, праз якія можно разглядаць касмічныя пейзажы. Улада вырашыла размаляваць лятальны апарат і аздобіць яго малюнкамі. На добры ўспамін яна пакінула на ім выявы, якія нагадаюць Вухуціку той час, які ён правёў на Зямлі. На борце карабля з’явіўся футбольны мяч, ровар, цымбалы з ноткамі, Плотачку ў рэчцы.

— Як прыгожа! – З замілаваннем прашаптаў Вухуцік.

— Каб не забыўся пра тое, што тут убачыў. – Адказала дзяўчынка.

— Напішы назву карабля. – Папрасіў сябар.

— А як ён называецца?

— Улада. – Адказаў Вухуцік.

Дзяўчынка адчула, што вось-вось расплачацца. Касмічны карабель з яе імем паляціць на далёкую планету…

Надпіс “УЛАДА”, аздоблены бела-чырвоным беларускім арнмаентам, быў зроблены.

— Што ж, будзем развітвацца. – Сумна сказаў Вухуцік. – Мне пара тэлепартавацца.

— Ужо? – Голас дзяўчынкі дрыжаў.

— Ужо. – Рэхам адказаў Вухуцік.

— Бывай! Камін-мака! – Сказала Улада.

Шарык на яго галаве замігцеў.

— Камін-мака! Дзякуй за ўсё!

Вухуцік падыйшоў да намаляванага касмічнага карабля, пацягнуў за ручку на дзвярах і… яны адчыніліся. Ён увайшоў і шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Праз імгненне Улада ўбачыла сябра ў ілюмінатары. Ён памахаў ёй, дзяўчынка адказала тым жа. Улада заўважыла, што выява карабля і Вухуцік у ілюмінатары пачынаюць знікаць. Мінула хвіліна і ад яркага малюнка застаўся толькі слабы след.

— Тэлепартаваўся. – Адзначыла Улада. – У добры шлях!

Дзяўчынка зноў узяла алоўкі і намалявала той самы касмічны карабель, а побач з ім Вухуціка.

Гэты малюнак у рамачцы вісіць у пакоі Улады. Яна глядзіць на яго і ўзгадвае свайго незвычайнага сябра, які аднойчы завітаў да яе ў госці.

******************************************************************

Урок ветлівасці

Дзяўчынак хлопцы

Не чапаюць,

За косы нават

Не скубнуць.

Папросяць кніжку –

І чакаюць,

Пакуль ім кніжку

Пададуць.

Як імянінніцы,

Дзяўчынкі,

Ажно цвітуць:

Прыемна ім:

Наш класны стараста

Навінку

Прыдумаў

простую зусім:

Быць паслухмянымі,

дзяўчынак

Не крыўдзіць болей

Анідзе!

Ці будзе ўрок,

Ці перапынак, -

Трымацца ветліва

Ўвесь дзень!

Куды падзеўся

вечкаў ляскат?

Дзе лішні

Ўздуджаны шумок?

На ўроку:

- Дзякуй!

- Калі ласка!..

На ўроку

Ветлівасці ўрок.

А на бліжэйшам

перапынку

Да Генкі

Згодзіцца ці не?

Як змоўшчыца,

Падсела Зінка:

- Памый анучку

За мяне…

Ды адмахнуўся

Злосна Генка:

- Сама памыеш,

Не паненка!

І Зінка,

Глянуўшы звысоку,

Спытала ўсё ж:

- Забыў няўжо?

Ты што казаў

На тым ўроку?..

- А ўрок..

Урок мінуў ужо…

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.