Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Канікулы с карысцю

Дата: 19 февраля в 10:21, Обновлено 19 февраля в 10:49
Автор: Катион Д. В.
57 просмотров

Мова наша! Не толькі ўзлёты
Ты пазнала ў лёсе сваім.
Колькі раз прыніжэннем, прыгнётам
Цябе знішчыць хацелі зусім.

Хоць у змянлівых віхурах стагоддзяў
На цябе было многа атак,
Для сваіх захавала нашчадкаў
Каларыт, самабытнасць і смак.

Наша матчына мова не згіне,
Яна стрыжнем у нашай душы.
Трэба верным ёй быць, не пакіне,
Калі будзем яе берагчы!

Не сілай, а розумам

Адзін чалавек пайшоў у лес дровы секчы. Насёк дроў, сеў на пень адпачыць. 
Прыходзіць мядзведзь: 
— Гэй, чалавек, давай будзем барукацца! 
Паглядзеў чалавек на мядзведзя: дужы калмач — дзе з ім барукацца! Сцісьне лапамі — і дух вон! 
— Э, — кажа чалавек, што мне з табою барукацца! Давай спачатку паглядзім, ці маеш ты сілу. 
— А як глядзець будзем? — пытаецца мядзведзь. 
Узяў чалавек сякеру, рашчапіў пень зверху, убіў у расколіну клін і кажа: 
— Калі раздзярэш гэты пень лапаю, значыць, маеш сілу. Тады я з табою буду барукацца. 
Ну, мядзведзь, не падумаўшы, тыц лапу ў расколіну. А чалавек тым часам трах абухам па кліну — той і выскачыў. 
Тут пень і сціснуў мядзведзеву лапу, як абцугамі. 
Раве мядзведзь, танцуе на трох лапах, але ні расчапіць пень, ні вырвацца з яго не можа. 
— Ну, што, — кажа чалавек, — будзеш барукацца са мною? 
— Не, — енчыць мядзведзь. — Не буду.
— Вось бачыш, — сказаў чалавек. — Не толькі сілаю барукацца можна, а і розумам. 
Убіў ён клін назад у пень, мядзведзь вырваў лапу ды ходу ў гушчар без аглядкі. 
З таго часу ён і баіцца сустракацца з чалавекам. 

Былінка і верабей

Сеў верабей на былінку і просіць: 
— Былінка, былінка, пакалышы мяне. 
Але былінка калыхаць вераб'я не захацела. Тады верабей паляцеў да казы: 
— Каза, каза, ідзі былінку грызці — былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Каза не пайшла. Паляцеў верабей да ваўка: 
— Воўк, воўк, ідзі казу есці, каза не ідзе былінку грызці, былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 
Воўк не пайшоў. Паляцеў верабей да людзей: 
— Людзі, Людзі, ідзіце ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць.
Людзі не пайшлі. Паляцеў верабей прасіць вяроўкі: 
— Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце людзей вязаць, бо людзі не хочуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Паляцеў верабей прасіць агонь: 
— Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Агонь не пайшоў. Паляцеў верабей прасіць ваду: 
— Вада, вада, ідзі агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Вада не пайшла. Паляцеў вол да вала: 
— Вол, вол, ідзі ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу еcці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Вол не пайшоў. Паляцеў верабей прасіць доўбню: 
— Доўбня, доўбня, ідзі вала біць, вол не ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Доўбня не пайшла. Паляцеў верабей прасіць чарвей: 
— Чэрві, чэрві, ідзіце доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол ня ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Чэрві не пайшлі. Паляцеў верабей да курэй: 
— Куры, куры, ідзіце чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол не ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Куры не пайшлі. Паляцеў верабей прасіць ястраба: 
— Ястраб, ястраб, ідзі курэй дзёрці, куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол не ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
Ястраб не пайшоў. Паляцеў верабей да сонейка: 
— Сонейка, сонейка, асмалі ястрабу крылы, асляпі яму вочы, ён не ідзе курэй дзёрці, куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол не ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
— Рада б была табе памагчы, — адказала сонейка, — ды хмары мяне закрылі. Ідзі папрасі вецер, каб ён іх разагнаў. 
Паляцеў верабей прасіць вецер: 
— Вецер, вецер, разгані хмары. Яны закрылі сонейка. Яно не можа асмаліць ястрабу крылы, ён не ідзе курэй дзёрці, куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол не ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк не хоча казу есці, каза не ідзе былінку грызці, а былінка не хоча вераб'я калыхаць. 
— О, я разганю, я люблю, — адказаў вецер. І пачаў разганяць хмары. 
Заіскрылася сонейка — і давай ястрабу смаліць крылы, сляпіць яму вочы. Ён паляцеў курэй дзёрці, куры пайшлі чарвей дзяўбці, чэрві пайшлі доўбню тачыць, доўбня пайшла валоў біць, вол пайшоў ваду піць, вада пайшла агонь тушыць, агонь пайшоў вяроўкі паліць, вяроўкі пайшлі людзей вязаць, людзі пайшлі ваўка біць, воўк пайшоў казу есці, каза пайшла былінку грызці, былінка пачала верабейку калыхаць. 
Сядзіць верабей на былінцы, грэецца ад сонейка і калышацца: калых-калых, калых-калых. 

Каза - манюка

Жыў дзед ды баба з дачкою. І была ў іх каза. 
Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па мураўцы. Увечары прыгнала дахаты. Дзед пытае ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? 
Каза кажа: 
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі... 
Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу. 
Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. 
Дзед зноў пытае ў казы: 
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла? 
Каза кажа. 
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі... 
Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла. 
Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пагнаў сам пасвіць казу. 
Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. 
Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся ў сваё адзенне, сеў і чакае казу з пашы. 
Прыйшла каза на двор. 
Дзед пытае: 
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла? 
Каза кажа: 
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі... 
Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу гастрыць, казу-манюку рэзаць. 
Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі й пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае. 
Сеў зайчык пад елачкай і плача. 
Ідзе воўк: 
— Чаго зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся? 
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды бадаты, выгнаў мяне з хаткі й сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае. 
— Ну, добра, не плач: я таго звера выганю. 
Падыйшоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы ды кажа: 
— Гэй, звер рагаты-бадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі! 
А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае: 
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту! 
Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. 
А зайчык зноў сеў і плача. 
Ідзе мядзведзь:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся? 
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? 
І расказаў мядзведзю пра сваю бяду. 
— Ну, добра, — кажа мядзведзь, не плач: я таго звера адразу выганю. 
Падыйшоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа: 
— Гэй, звер рагаты-бадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі! 
А каза як затупае, як замэкае: 
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту! 
Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець... 
Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца: 
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся? 
— Як мне не плакаць, як не журыцца? 
І расказаў зайчык пеўню пра сваю бяду. 
— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной нагой развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюка... 
Падыйшоў певень да зайчыкавай хаткі, залопаў крыламі, закукарэкаў: 
— Кукарэку! Кукарэку! 
Заб'ю казу-недарэку! 
Пачула каза ды як затупае, як замэкае: 
—Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту! 
Тады певень зноў яшчэ мацней залопаў крыламі, закрычаў: 
— Гэй, каза, збірай манаткі, 
Уцякай хутчэй ты з хаткі, 
Бо вунь дзед ідзе, 
Ён касу нясе.. 
Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулем выскачыла з хаткі. 
А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць. 

Шчасце

Жылі два браты: адзін багаты, другі бедны. Гэты багаты і працаваў, здаецца, горш, а жыў добра; ну а бедны быццам і хораша працаваў, а жыў цяжка – не шэньціла яму ні ў чым. 
З дня ў дзень бедны ўставаў рана. Глядзіць – а ў брата ўся работа ўжо зробленая. Усё той брат наперадзе. 
Ну, прычакалі яны раз час ды паехалі сеяць жыта. Бедны брат парупіўся, каб раней устаць. Прыехаў ён да сваёй паласы яшчэ цёмна, чуе – сеецца братава жыта, чвікаюцца зярняты аб сяўно, і не відаць хто робіць, бо цёмна. І колькі бедны не спрабаваў апярэдзіць брата - нічога не выйшла. Дачакаліся яны - урадзіла жыта: у багатага – лепш, у беднага – горш. Пасля жніва склалі яны сваё жыта ў копы. У беднага жыта худое - і топчацца і травіцца, дык ён пайшоў сцерагчы на ноч. А палосы ў полі з братам разам былі. Глядзіць – ходзіць па братавай паласе бурая карова, збірае калоссе, і па чужых палосах ходзіць ды ў багатага брата капу нясе. Тады прыйшла й на яго паласу і давай шчыпаць калоссе з яго капы. Тады ён, бедны брат, з-за капы скок! Паймаў за рогі гэтую карову і стаў яе біць, схапіўшы цапком. 
- Што ты? - кажа, - Воўк цябе рэж! Што ты такая за карова: дзе многа, туды й носіш, у нашых палосах бярэш? 
Яна кажа яму: 
- Я - не карова, а твайго брата Шчасце! 
- Ну што ж - я яшчэ буду цябе біць: пакажы, дзе маё Шчасце! 
- Ды я пакажу і тваё Шчасце, не бі толькі мяне! Ідзі, ў такім-та гамонішчы стаіць ліпа дуплінатая. І ў тэй ліпе тваё Шчасце ў карты гуляе з іншымі. Ты йдзі і бяры яго за хахол! 
Ён пусціў тую карову і пайшоў к ліпе. Прыйшоў, глядзіць – два ліцы гуляюць у карты. Ён тады тое за лоб, што карова ўказала: 
- Ты што ў карты гуляеш, а на мяне забываеш? 
Яно тады кажа: 
- Стой, не біся! Ты не тым занімаешся! Я б табе памагало, дык табе не трэба ні араць, ні касіць, а трэба табе займацца гандлем! 
- А ён пытае: 
- Як мне займацца гандлем – грошай ў мяне няма? 
- Ну вось, на табе на асігнацыю два грошы, ідзі на кірмаш і купі сабе, што трапіцца! 
Ён прыйшоў на кірмаш: нясе чалавек вялікую шчуку прадаваць, перакінуў цераз плячо і носіць. Ну, ён, гэты бедны чалавек, думае: 
- Што купіць? Купіць бы сабе гэтую рыбу – але ж грошай толькі два грошы ў мяне! 
Прыходзіць да гэтага чалавека і думае: куплю - не куплю, а хоць патаргую, што ён за яе просіць. І пытае: 
- Што табе за рыбу? 
Ён сказаў там капеек дваццаць ці трыццаць, а ў беднага толькі два грошы. Ён кажа: 
- Я б табе даў больш, ды няма ў мяне. Бяры, калі хочаш, два грошы! 
Гэты чалавек насіўся – насіўся з гэтаю рыбаю – не дае ніхто больш. Ён сустракае беднага ды кажа: 
- Больш ніхто не дае, то давай два грошы, бяры рыбу, пакармі дзяцей! 
Бедны аддаў яму два грошы, узяў рыбу. Так ён прынёс гэтую рыбу дамоў і загадаў гаспадыні абчысціць. Гаспадыня накарміла семяйства, а астатняе вынесла вон. 
Бліжэй да ночы просяцца да беднага начаваць два купцы. Ён кажа ім: 
- Я рады бы пусціць вас, спадарове, дык мая хата брудная для такіх людзей! 
А яны гавораць: 
- Ну што ж, у дарозе здараецца ўсяк: ідзе худа, ідзе добра, мы гатовыя ў цябе пераначаваць! 
Ён пусціў іх нанач, згатаваў рыбы, даў павячэраць – прыняў іх, чым мог. Потым яны пагасілі агонь і ляглі спаць. Так нутры з гэтай рыбы сталі ззяць. Яны будзяць гаспадара: 
- Што ў цябе гэта? 
Ён гаворыць: 
- А то я загадаў гаспадыні выкінуць нутры з рыбы вон, а яна, баба, кінула тут. Што, можа вам смярдзіць? 
Яны гавораць: 
- Не, гэта добра, што яна не выкінула. Ты нам прадай гэтыя нутры! 
Ён гаворыць: 
- Я не знаю, што яны каштуюць! 
А яны: 
- Мы ведаем, мы не хочам цябе пакрыўдзіць! 
Паглядзелі яны – у гэтых кішках каштоўныя камяні. Яны яму далі грошай, колькі мелі. 
Потым, грошы гэтыя атрымаўшы, ён узрадаваўся: зноў пачаў спраўляць гаспадарку, як у брата, купіў хлеба, справіў коней. Ну, потым, ці многа, ці мала пажыў – зжыўся зноў, не шэньціць яму. Ну, зноў пайшоў к ліпе шчасця шукаць. 
Як ён прыйшоў, явілася яна яму і гаворыць: 
- Я табе не казала гэтым займацца! 
Дае яна яму валасяную торбу і кажа: 
- Як захочаш есці, дык гавары: стол з торбы! 
Ну, пайшоў ён дамоў. Прайшоў трохі з гэтай торбай - канешне, есці хочацца, і надта ж цікава, што пакажацца з торбы. Так ён сказаў: 
- Стол з торбы! 
З'явілася яму ўсё: хлеб-соль, і піць і есць – што яму заўгодна. 
Ну, потым, пажыў ён з гэтаю торбаю, усім задаволены. Але ж не бачыць ніхто багацця! Давай тады з братам мяняць: брат яму даў коней, кароў - усё, а ён брату торбу. 
Ну, брат разумны, думае: нашто мне працаваць, калі можна не работаючы жыць, і піць, і есці. Ну, а тэй зноў пражыў усю гаспадарку, і зноў стаў бедны. Зноў трэба ісці к ліпе прасіць Шчасця. Прыходзіць к ліпе, з'яўляецца яму яго Шчасце: 
- Ну, нашто ж ты згубіў сваю торбу, што я табе дала? Ты быў сыты з сямействам! Хто ж табе вінаваты, што ты дурань! Вучыць цябе трэба. Ну, дала ж я табе валасную торбу, а цяперака на табе залатую торбу. З гэтай торбай, як захочаш піць ды есці, скажы: “Два з торбы!” А як будзеш сыты, дак гавары: “Два ў торбу!” 
Ну, пайшоў ён дамоў. У дарозе цікава яму стала. Ну і сказаў: 
- Два з торбы! 
З'явіліся яму два малайца з дубінамі і давай яго карміць дубінамі, у два дручка, што не ўмеў жыць. Пакуль з гэтыя чэсці не ўздумаў сказаць: 
- Два ў торбу! – дык яны ўсё яго дулі. Ну, тады прыйшоў ён к брату з той торбаю. І хваліцца брату: 
- Ну во, брат, тая торба была хараша, што я табе аддаў, ну, а сабе дастаў лепшую – залатую! 
Той давай прасіць яго: 
- Давай, брат, змяняем! 
Ну, вядома, змянялі. 
- Ну, вось жа брат, на гэтую торбу ўжо не кажы: “Стол з торбы!”- а кажы: “Два з торбы!” А як станеш сыты, кажы: “Два ў торбу!” 
Узяў бедны сваю валасяную торбу і стаў жыць добра. Наўчылі яго два з торбы, як жыць. І гаспадарку багатага звёў, і торбай сваёю забраў ды залатой яго надзяліў. 
А багаты стаў рады набытку. Спатрэбілася яму піць-есці, ён і кажа: 
- Два з торбы! 
Ну, з'яўляюцца два з торбы з дручкамі і давай таўчы яго, пакуль ён не ўздумаў сказаць: 
- Два ў торбу! 
Ну, і стаў жыць сваёй працаю. 

Калядная казка

Жылі дзед і баба. Вось паставілі яны стобачку, дзед і кажа: 
- Хто пахваліць маю стобачку, таму дам каляду. 
А ў гэты час па двару хадзіў воўк пад вокнамі і пачуў, што дзед кажа. 
- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду. 
Дзед злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда. 
- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду. 
Дзед зноў злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда. 
- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду. 
Няма чаго дзеду даць за пахвалу стобачкі. Дзед ляжаў на печы ад сцяны, а баба з краю, дак дзед піхель бабу з печы воўку. Воўк схапіў бабу за спадніцу, закінуў на плечы і панёс яе ў лес. Пасадзіў яе на пянёк, а сам сеў есці авечачкі. Бабка сядзіць на пяньку і прыгаварвае: 
- Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак. 
Воўк пачуў, што бабка нешта бубніць: 
- Што ты, бабка, кажаш? 
А бабка адказвае: 
- Еш воўк авечачкі дый мяне з’ясі. 
- Добра, бабка, з’ем. 
Бабка зноў прыгаварвае: 
- Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак. 
З’еў воўк авечачкі, “падняў” вочы, а пянёк вырас і бабка сядзіць высока, што не дастаць яе. Пачаў грызці воўк гэты пянёк. Грыз-грыз – зламаў зубы. Ён і кажа:
- Сядзі бабка на пяньку, а я пайду да каваля зубы патачу, - і пабег. 
А бабка зноў стала прыгаварваць: 
- Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак. 
Пянёчак знізіўся трошкі. Бабка зноў прыгаварвае: 
- Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак. 
Пянёк стаў нізенькі, бабка скочыла з пянька і пабегла па сцежачцы ў лес. Ці доўга бегла, ці далёка забегла, бачыць: сярод лесу стаіць хатка на курынай лапцы.
А ў той хатцы, відаць, жылі козлікі. 
Яна забегла ў тую хатку, а там сыры ды масла. Бабка наелася сыра да масла і залезла падпечак, схавалася. Прыходзяць козлікі з пашы, бачаць хтосьці паеў іх сыры да масла. Сталі яны шукаць таго, хто ўсё гэта паеў, знайшлі бабку падпечкам. 
Крычаць козлікі: 
- Вылазь, бабка, з падпечку, мы цябе біць будзем, што ты паела нашыя сыры да масла! 
Стала бабка прасіцца: 
- Козлікі мае даражэнькія, мае залаценькія, не біце мяне, не карайце мяне, я буду жыць з вамі і дапамагаць у рабоце, біць сыры да масла. 
Козлікі згадзіліся. І так бабка стала жыць з козлікамі. 
Вось захацелася бабцы дзеда адведаць: “Як ён там пажывае без мяне?” 
Набрала сыроў да масла і пайшла праведаць дзеда. Прыходзіць яна і бачыць, ляжыць дзед на печы разявіўшы рот – памірае. 
Бабка кідзяк ляпешачку сыра дзеду ў рот. Так дзед цяп–цяп і з’еў сыр. 
Дзед падумаў, што гэта варона сярнула, дай просіць: 
- Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот. 
Бабка зноў кінула ляпешачку сыра дзеду ў рот. Дзед з’еў і яшчэ просіць: 
- Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот. 
А бабка і адказвае: 
- А трасцы табе, дзедку. Ты ж мяне спіхнуў з печы ваўку на з’яданне. Я буду з козачкамі жыць, а ты памірай, калі не жалеў мяне. 

Маша і мядзведзь

Жыла-была дзевачка Маша. 
Пайшла яна з сяброўкамі ў лес чарніцы збіраць. Знайшлі дзевачкі невялічкую лапінку ягад, сабралі ўсе, ды пайшлі далей шукаць. Кусцік за кусцік, чарнічка за чарнічку, так і не заўважыла Маша, як заблудзілася. 
Стала яна крычаць. Ніхто з сябровак не адгукваецца, звала, звала Маша, асіпла. А ўжо і змяркацца пачало. Цёмна ў лесе стала, страшна. 
Спужалася дзевачка, заплакала. Пачала скрозь слёзы зваць: 
«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!» 
Ніхто не адклікаецца. Толькі страшна гудзе лес ды рэха адгукаецца. Яшчэ раз крыкнула Маша: 
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач! 
I раптам да яе данеслася:
- Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач! 
Узрадавалася Маша, пачала крапчэй зваць: 
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач! 
— Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач. 
Глядзіць Маша, а з лесу вылазіць вялізны мядзведзь. Страшна дзевачцы стала, але ж думае, не адна буду. 
Мядзведзь ёй і кажа: 
- Пайшлі да мяне жыць. 
Што зробіш, трэба ісці. Прывёў мядзведзь дзевачку ў бярлогу. А там цёмна, гразна. Узялася Маша, прыбрала ўсё. Дала мядзведзю чарніц і хлеба, які брала з сабой у лес. Наеўся мядзведзь і загадаў слаць пасцель. 
- А як мне слаць? — пытае дзевачка. 
- Рад камення, рад палення, ступу пад голаву, карытам накрыцца. 
Цяжка было дзевачцы, але ж паслала, мядзведзь і заснуў. А Маша расплакалася, яшчэ страшней ёй стала, дамоў захацелася. Але як дабрацца ў вёску?
А жыла ў бярлозе пад печкай мышка. Яна таксама баялася мядзведзя. Маша дала ёй хлебныя крошкі. Паела мышка і кажа: 
— Не плач, Маша, я цябе завяду дамоў. 
Узрадавалася дзевачка і хуценька, пакуль спаў мядзведзь, выслізнула з мышкай з бярлогі. 
Вывела мышка Машу з лесу, прывяла дахаты. Узрадаваліся бацькі. Накармілі мышку і вырашылі пакінуць яе ў сябе. 3 той пары і жывуць мышы побач з чалавекам. 

Несцярка

Жыў сабе Несцярка, было ў яго дзетак шэсцерка: рабіць ляніцца, а красці баіцца. 
Вось аднаго разу едзе святы Юрый к Богу на савет. Сустракае яго Несцярка да й пытае: 
- Куды ты едзеш, святы Юрый? 
– Еду к Богу на савет. 
– Пакланіся там аба мне: як мне жыць на свеце? Рабіць лянюся, а красці баюся, дзеці ўміраюць, есці хочуць! 
– Ладна, Несцярка, пакланюся! 
– Не, святы Юрый, ты забудзеш аба мне! 
– Кажу табе, што не забуду! 
– Ну дак пакінь мне на залог сваё сядло!. 
Пакінуў Юрый сваё сядло Несцярку, а сам паехаў далей без сядла. Прыехаў святы Юрый к Богу і стаў перад ім. Пра ўсё расказаў ён Богу, а пра Несцярку так і забыў. 
Бог і кажа яму: “Паязджай, Юрый, загубі страшную змяю!”. Выйшаў Юрый на двор і тутака толькі ўспомніў пра Несцярку, што ў яго дзетак шэсцярка, рабіць ляніцца, а красці баіцца. Вярнуўса ён к Богу і гаворыць: “Пасаветуй, Божа, як жыць Несцярку, дзетак ў яго шэсцерка, рабіць ляніцца, а красці баіцца, дзеці ўміраюць, не еўшы?” 
Вось Бог і адказвае: “Скажы, Юрый, Несцярку, што ўсё, што ён у каго возме – то яго”. Прыехаў Юрый к Несцярку: 
– Здароў, Несцярка! 
– Здароў, святы Юрый! 
– Я пакланіўся Богу ад цябе! 
– Дзякуй табе за ета, што казаў Бог? 
– Ён казаў, што ўсё, што ты ў каго возьмеш, то тваё! 
– Ладна, так я і жыцьму па Божжаму савету! 
– Ну, а дзе ж, Несцярка, маё сядло? 
– Да ў мяне ж, святы Юрый! 
– Дак давай мне яго! 
– Не, святы Юрый, па Божжаму савету яно ўжо маё!. 
Паехаў святы Юрый без сядла, куды яму Бог сказоў. А Несцярка прадаў залатое сядло багатаму чалавеку і атрымаў за яго многа грошай. Несцярка пастроіў сабе добрую хату і стаў жыць заможна. 

Хітры вол

Пайшоў вол сена касіць. Косіць, завіхаецца, на неба паглядае: ці не відаць адкуль хмары? "За пагоду, — думае, — сена насушу, стог ськідаю, тады і зіма не страшна". 
Ідзе воўк. Загледзеўся на вала. 
— Ты бык? — пытаецца. 
— Не, я вол. 
— Сена косіш? 
— Кашу. 
— Рагамі грабеш? 
— Грабу. 
— Хвастом падграбаеш? 
— Падграбаю. 
— А мяне ты не баішся? 
Падумаў вол і кажа: 
— Я ня толькі цябе, а і двух такіх не баюся! 
Паверыў воўк і пайшоў шукаць сабе падмогі. 
Прыходзіць на другі дзень з двума братамі. 
— Ты бык? — зноў пытаецца. 
— Не, вол.
— Сена косіш? 
— Кашу. 
— Рагамі грабеш? 
— Грабу. 
— Хвастом падграбаеш? 
— Падграбаю. 
— І трох нас ты таксама не баішся? 
Што валу рабіць? Давай ён далей хітрыць. 
— Ня толькі трох, — кажа, — а і чатырох не баюся. 
Паверылі ваўкі і падаліся шукаць новых сяброў. 
Доўга шукалі. Нарэшце прыходзяць на балота цэлаю чарадою. Глядзяць, а там ужо стог сена стаіць і вала не відаць. 
Кінуліся ваўкі па следу і прыбеглі да двара, дзе вол жыў. Двор вала высокім частаколам абгароджаны. 
Круціліся, круціліся ваўкі, скакалі, скакалі, ды так да вала і не дабраліся.
— Ага, — закрычалі яны са злосці, — ты, баязлівец, схітрыў! 
— Схітрыў ці не схітрыў, — адказвае вол, — а стог сена за пагодай накасіў. Ды і шкура ад вашых воўчых зубоў цэлая засталася. 
І павалакліся ваўкі прэч, хвасты падцяўшы. 

Пчала і муха

Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лятала, мёд збірала. А муха мёд толькі есці любілі. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха не хоча нават пераначаваць. 
Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Кругом кветкі цвітуць, шустрыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі спяваюць. 
Задумалася муха: як добра на свеце жыць! 
Думала-думала, ды задрамала. 
А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне небарака. 
Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу: 
— Ах ты сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш! 
— Выбачай, — сказала пчала. — Я шмат мёду нясу, дык і стагну. 
— Ха-ха, — засмяялася муха, — шмат мёду нясеш, а сама, нябось, галодная: вунь якая худая — адны косці... 
— Праўда, — адказвае пчала, — мы, пчолы, збіраем пуды, а самі худы. 
— А чаму ж вы худы? І мёд у вас, і вашчына ў вас... 
— Дык жа мёд мы збіраем ня толькі для сябе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас. 
— Чакай, чакай, — кажа муха, — я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна збіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем. 
— Ат, — замахала крыльцамі пчала, — няма мне калі з табой гаманіць: трэба хутчэй дадому спяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць.
— А дзе возмеш ты мядовую кашку? 
— На сябе вязу. 
— У чым? 
— У вазку, у палазку і за пазушкай. 
Загула пчала ды паляцела ў свой вулей. 

Ня сілай, а розумам

Адзін чалавек пайшоў у лес дровы секчы. Насёк дроў, сеў на пань адпачыць. 
Прыходзіць мядзведзь: 
— Гэй, чалавек, давай будзем барукацца! 
Паглядзеў чалавек на мядзведзя: дужы калмач — дзе з ім барукацца! Сцісне лапамі — і дух вон! 
— Э, — кажа чалавек, што мне з табою барукацца! Давай сьпярша паглядзім, ці маеш ты сілу. 
— А як глядзець будзем? — пытаецца мядзведзь. 
Узяў чалавек сякеру, рашчапіў пень зверху, убіў у расколіну клін і кажа: 
— Калі раздзярэш гэты пень лапаю, значыць, маеш сілу. Тады я з табою буду барукацца. 
Ну, мядзведзь, не падумаўшы, тыц лапу ў расколіну. А чалавек тым часам трах абухам па кліну — той і выскачыў. 
Тут пень і сціснуў мядзведзеву лапу, як абцугамі. 
Раве мядзведзь, танцуе на трох лапах, але ні расчапіць пень, ні вырвацца з яго ня можа. 
— Ну, што, — кажа чалавек, — будзеш барукацца са мною? 
— Не, — енчыць мядзьведзь. — Ня буду. 
— Вось бачыш, — сказаў чалавек. — Ня толькі сілаю барукацца можна, а і розумам. 
Убіў ён клін назад у пень, мядзведзь вырваў лапу ды ходу ў гушчар без аглядкі. 
З таго часу ён і баіцца сустракацца з чалавекам. 

Лёгкі хлеб

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці. 
Выйшаў з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есць. Падыйшоў да яго воўк: 
— Ты што ясі, чалавеча? 
— Хлеб, — адказвае касец. 
— А ён смачны? 
— Дзіва што смачны! 
— Дай мне пакаштаваць. 
— Калі ласка! 
Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. 
Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа: 
— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есці, але дзе мне яго дастаць? Парай, чалавеча! 
— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць. 
І пачаў ён вучыць ваўка: 
— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць... 
— Тады і хлеб будзе? 
— Не, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць... 
— І можна хлеб есці? — замахаў воўк хвастом. 
— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць... 
— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк. 
— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым спець... 
— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю! 
— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку спелае жыта трэба зжаць, потым у снапы звязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток... 
— І есці хлеб буду? 
— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезці, ды мукі намалоць... 
— І ўсё? 
— Не, ня ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць. 
— І сьпячэцца хлеб? 
— Але, сьпячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку. 
Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа: 
— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць. 
— Ну што ж, — кажа касец, — калі не хочаш цяжкі хлеб есці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца. 
Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня: 
— Конь, конь! Я цябе з'ем. 
— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх. 
— І то праўда, — згадзіўся воўк. 
Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы... 
Перакуліўся воўк ды ходу. 
Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. "Ці ня з'есці мне іх?" — думае, потым і кажа: 
— Гусі, гусі! Я вас з'ем. 
— Што ж, адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад смерцю. 
— Якую? — пытаецца воўк. 
— Паспявай нам, а мы паслухаем. 
— Гэта можна. Спяваць я — мастак. 
Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыламі — мах, мах! Узняліся i паляцелі. 
Злез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым. 
Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: "Ці ж ня дурань я, га? Навошта я згадзіўся спяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з'ем!" 
Толькі ён так падумаў, бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух спіць. Нагледзеўся воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа: 
— Баран, баран! Я цябе з'ем. 
— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот. 
— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім. 
Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, свету ён не ўбачыў. 
Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае: 
— Цікава: з'еў я яго ці не? 
А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты. 
Пачуў ён воўкавы словы і кажа: 
— З'есці не з'еў, але паспытаў лёгкага хлеба.
 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.